На Стаўбцоўшчыне, у Новым Свержані, на месцы былога яўрэйскага гета, ўрачыста адкрыты мемарыяльны помнік. У 1941-1943 гадах на гэтым узвышшы ў лясным масіве знайшла сваю пакутніцкую смерць больш чым 1 тысяча новасвяржан і жыхароў навакольных вёсак...
Пацвярджаецца тое, што Новы Свержань у мінулым быў яўрэйскім мястэчкам: больш чым 800 ахвяраў гета - менавіта новасвяржане. Велічны і суровы мемарыяльны камень, які ўзняўся ў іх гонар на месцы масавай расправы, - знак глыбокага смутку нашчадкаў і, адначасова, павагі да сваіх продкаў, адказнасці да гісторыі.
У мітынгу з нагоды адкрыцця помніка бралі ўдзел тамтэйшая грамадскасць, мясцовая арганізацыя ветэранаў вайны і працы на чале з Аляксеем Палянскім, а таксама дэлегацыя з Мінска.
Ушанаваць памяць сваіх супляменнікаў прыехалі прадстаўнікі Беларускага аб'яднання яўрэяў - былых вязняў гета і фашысцкіх канцлагераў. Разам з імі - моладзь - удзельнікі праекта "Сувязь пакаленняў", члены яўрэйскай рэлігійнай абшчыны. У звонкай ліпеньскай цішыні душы тых, хто бязвінна загінуў больш чым шэсць дзесяткаў гадоў таму, і душы ўдзельнікаў мітынгу яднала агульная святая памінальная малітва...
- Жахлівыя падзеі мінулага стагоддзя не даюць нам права забываць гісторыю, - адзначыў у сваім выступленні старшыня Беларускага аб'яднання яўрэяў - былых вязняў гета і фашысцкіх канцлагераў Міхаіл Трэйсцер. - На Беларусі вядома 500 месц масавага знішчэння яўрэяў. На некаторых былі закатаваны некалькі сямей, а дзесьці ляжыць тысяча і больш чалавек. Як, да прыкладу, у Новым Свержані. На жаль, сёння каля сотні такіх месц, былых гета, яшчэ ніяк не абазначаны.
У гэтым годзе, 65-ым з дня існавання Мінскага гета, па ініцыятыве Беларускага аб'яднання яўрэяў устаноўлены 3 абеліскі. У гэтым напрамку вядзецца мэтанакіраваная работа на працягу апошніх пяці гадоў. І яна мае плён: усяго ўстаноўлена 37 новых помнікаў. Навасвержанскі - ў іх ліку.
Цешыць вока акуратная тэрыторыя вакол помніка: вучні дапаможнай школы ў Караліне штогод клапатлівай рукой прыбіраюць смецце, зграбаюць апалую лістоту і сухое вецце.
Напэўна, самым дарагім і памятным гэты абеліск стаў для адзінага жывога на сённяшні дзень сведкі трагедыі - Уры Якаўлевіча Каплана. Цяжка яму ўспамінаць перажытае...
Мясцовы жыхар, ён быў яшчэ падлеткам, калі практычна усё мястэчка гвалтам везлі знішчаць. У грузавіку знаходзіліся мама, бабуля, дзве меньшыя сястрычкі Уры. Словам, амаль уся сям'я. На адным з паваротаў маці загадала сыну на ідыш: "Спрыгвай і бяжы!". Хлопчык на хаду выскачыў і так здолеў уратавацца. Пабег да бацькі, які працаваў на лесазаводзе... Немцы адразу не вынішчалі мужчын, бо патрэбна была рабочая сіла.
Пазней Ура Якаўлевіч быў партызанам. Трапіў на фронт. Вызваляў Польшчу і, часткова, - Германію. Да 1950 года служыў у Саратаве. Потым прыехаў жыць у Мінск. Ура Якаўлевіч не забывае сваіх родных мясцін і з дзяцінства знаёмых людзей. Пасля вайны на месцы гета ў Новым Свержані ён паставіў на ўласныя сродкі сціплы помнік. Але, як гаворыць сам Ура Якаўлевіч, гэтага было недастаткова для памяці такой колькасці ахвяр.
Менавіта намаганнямі Уры Якаўлевіча Каплана і Беларускага аб'яднання яўрэяў - былых вязняў гета і фашысцкіх канцлагераў з'явіўся такі цудоўны помнік-абеліск у Новым Свержані. На ім - і імёны тых, хто ахвераваў свае сродкі на гэту святую і пачэсную справу. У прыватнасці, ён устаноўлены дзякуючы спонсарскай дапамозе сям'і Лазарусаў з Вялікабрытаніі.
...Як пацвярджае гісторыя, прадстаўнікі яўрэйскай нацыянальнасці ва ўсе часы любілі музыку, мастацтва, і паказвалі ў гэтым свае вялікія здольнасці і талент. З нагоды адкрыцця помніка быў дарэчы творчы падарунак ад Яўгена Карпуця, мясцовага кампазітара і музыканта. Ён выканаў сваю новую песню - "Плошча Бессмяротнасці". Ускалыхнуў сэрца паланэз Агінскага "Развітанне з Радзімай у выкананні Яўгена Вікенцьевіча... У тэматыку ўрачыстасці арганічна ўвайшоў і верш Аляксея Палянскага "Звон колакала". А песню "Эх, дарогі..." прысутныя спявалі ўсе разам.
Жывая сярод людзей памяць - значыць, не зарасце да помніка
дарога, заўсёды будуць квітнець каля яго кветкі ўдзячнасці.
Ля помніка па закатаваным яўрэям (справа - старшыня Беларускага аб'яднання яўрэяў - былых вязняў гета і фашысцкіх канцлагераў Міхаіл Трэйсцер).
Председатель Совета Ветеранов Полянский А. Н. - инициатор восстановления исторических памятников на Столбцовщине