Па запрашэнні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь нашу краіну наведала з візітам парламенцкая дэлегацыя Польшчы на чале з Віцэ-маршалам Сейма Рэспублікі Польшча Рышардам Цярлецкім.
Падчас знаходжання польскай дэлегацыі ў Мінскай вобласці адбылося наведванне навасвержанскага воінскага пахавання польскіх салдатаў, якія загінулі ў 1919–1920 гадах.
Памяці час непадуладны, міласэрнасць – ісціна вечная. Ужо амаль стагоддзе мінула з часу тых бурных гістарычных падзей. І ў суседняй краіне няхай суцешыць нашчадкаў, салдатаў, якія не вярнуліся дамоў, тое, што памяць іх шануецца на беларускай зямлі.
Госці з Польшчы ўскладаюць вянок да абеліска воінам. Пробашч Уздзенскага касцёла ксёндз Дзяніс вядзе працэс асвячэння, прамаўляе малітвы. Іх паўтараюць вернікі, мясцовыя жыхары. Менавіта яны паклапаціліся, каб месца пахаванняў было дагледжана па-хрысціянску. Членаў дэлегацыі, адчуваецца, сардэчна кранула шанаванне памяці іх землякоў.
Старшыня камітэта касцёла святых Пятра і Паўла ў Новым Свержані Юрый Іванавіч Віленчыц і мясцовая жыхарка Ала Станіславаўна Мазуркевіч расказалі аб шчыраванні вяскоўцаў па апецы месца пахавання польскіх салдатаў. Мемарыял, калі так назваць, быў сфарміраваны яшчэ ў дваццатыя-трыццатыя гады мінулага стагоддзя. У гады вайны ён моцна пацярпеў, асабліва падчас баёў за вызваленне. Тут, у раёне вясковавга могільніка, знаходзіўся нямецкі гарнізон, які быў акружаны мінным полем.
Можна ўявіць тую каласальную работу, што правялі новасвяржане, якіх арганізаваў на гэтую справу старшыня ветэранскай арганізацыі Аляксей Мікалаевіч Палянскі. Трэба было паднавіць камень-абеліск, сабраць і устанавіць на месцы надмагільныя крыжы з пазначанымі імёнамі загінуўшых. Спачатку – расчысціць, абгарадзіць, а затым – падтрымліваць увесь час у парадку гэтую тэрыторыю. Дарэчы, і ўвесь могільнік дагледжаны, патрэба толькі ў спілоўванні некаторых старых дрэў.
Гэты клопат ведае старшыня Навасвержанскага сельвыканкама А. Я. Богдан. Ён заўсёды падтрымлівае ініцыятыву, дзе сярод спраў добраўпарадкавання ў ліку важных і ўшанаванне памяці. З уражаннямі, пазітыўным настроем высокія госці з Польшчы пакідалі Стаўбцоўшчыну.